Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Круглянский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
22 сентября 2021

Сустрэліся ў роднай школе

Мы ўсе некалі выйшлі са школьнага двара, каб адправіцца ў вялікі нязведаны свет самастойнага жыцця. Перад кожным на гэты раз упершыню было права самастойнага выбару: ці то пайсці вучыцца, ці то пайсці працаваць? Праходзяць гады і дзесяцігоддзі, ладзяцца розныя жыццёвыя справы, шырацца зведаная геаграфічная карта, колькасць знаёмых і сяброў, але асаблівая адметная любоў застаецца да малой радзімы і бацькоў, да школы і яе настаўнікаў.

Вось і гэтых маладых людзей зусім нядаўна, праз 20 гадоў пасля заканчэння школы, шляхі-дарогі зноў прывялі ў Круглае.

Асобных ведаю ў твар яшчэ з іх дзяцінства, з іншымі знаёмы па службовых справах, паколькі тыя таксама жывуць і працуюць на Кругляншчыне, а большасць – з ліку тых, з кім цікава пазнаёміцца было і цяпер. Апошнія ў асноўным ужо даўно сталі мінчанамі, магіляўчанамі ці іншымі гараджанамі. Што ні кажы, а для маладых людзей ХХІ стагоддзя вялікія населеныя пункты, мегаполісы сталі больш прыцягальнымі.

З абласнога цэнтра прыехала на сустрэчу з любімай школай, школьнымі сябрамі і настаўнікамі Кацярына Баяранка, сама таксама педагог, стаўшая для мяне ў нейкай ступені новай раднёй і цёзкай па прозвішчу. Ёй я ў першую чаргу і ўдзячны за тое, што сабрала пэўныя звесткі пра сваіх былых аднакласнікаў, якія і выкарыстаны будуць пры падрыхтоўцы да друку данага матэрыяла (у асноўным скарыстаны дзявочыя прозвішчы – аўт.).

Асабістае ж запрашэнне для ўдзелу ў сустрэчы, як журналіст, атрымаў непасрэдна ад Сашы Гудка, які час ад часу напамінае мне аб сабе тэлефоннымі званкамі. Добрымі знаёмцамі сталі яшчэ тады, калі пасля заканчэння БДСГА той працаваў аграномам у СВК “Друць”. Цяпер знайшоў прымяненне сваім здольнасцям у расійскім рэгіёне. У Круглым бывае часта. Пры сустрэчах ёсць аб чым пагаварыць.

Аляксандр, як сапраўдны джэнтльмен, загадзя прапанаваў паслугі свайго раскошнага аўто некалькім са сваіх колішніх аднакласніц, заехаў і за мной прама пад пад’езд, бо якраз зарадзіў спорны летні дождж.

На ганку СШ №1 сабралася ўжо купка маладых гаваркіх людзей. Тых, хто падыходзілі, віталі па-рознаму – ці то звычайным поціскам рук, бо сустрэча не ў навінку, ці то цёплымі абдымкамі, што яскрава сведчыла: даўно не бачыліся.

Год выпуска – 2001. Аб яго адметнасці якраз і напомнілі мае маладыя суразмоўцы – у Круглым стала дзве школы.

Сёння пра гэта нават цяжка падумаць, але многім пакаленням школьнікаў давялося вучыцца ў дзве змены. У 2000 годзе тут было 1570 навучэнцаў – па пяць і болей класаў-паралеляў.

Аўтару гэтых радкоў нескладана было знайсці ў рэдакцыйным архіве пэўныя тагачасныя звесткі. Упершыню аб доўгачаканай падзеі мы заявілі 31 мая 2000 года, калі рыхтавалі апошні рэпартаж з перапоўненай Круглянскай СШ.

Вось вытрымка з яго: “Дзень апошняга школьнага званка заўсёды нагадвае аб сабе морам кветак і ўсмешак. А для Круглянскай школы ён стаў сёлета яшчэ і своеасаблівым гістарычным рубяжом – менавіта на ўрачыстай лінейцы было абвешчана аб падзеле адзінаццацігодкі на две: сярэднія школы №1 і №2”.

Першым дырэктарам новай школы стаў затым малады кіраўнік Васіль Малалеткін. І там ужо пісалася новая калектыўная біяграфія. А шматвопытны Аляксандр Бялянкін, пра якога не раз успомняць добрым словам мае суразмоўцы, будзе дырэктарстваваць у СШ №1 яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Дзякуй за школьныя навукі і школу жыцця перадаюць выпускнікі-2001 праз нашу газету і ўсім настаўнікам з таго пакалення.

Як заўважыў, асабліва яркія ўспаміны нахлынулі тады, калі сённяшнія педагогі, праводзячы экскурсію для жаданых гасцей па прадметных класах, запрасілі ўсіх у школьны музей. Тут, сапраўды, ёсць на што паглядзець і пра што ўспомніць. Сапраўды, памяць – на дзесяцігоддзі.

Ужо ў аддзеле па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама рэдакцыю праінфармавалі аб тым, што ў 2000-2001 навучальным годзе ў СШ №1 г. Круглае было 753 вучні, з якіх 77 – выпускнікі. А гэта – тры паралелі. Усяго ў 2001 годзе выпушчана са школ Круглянскага раёна сем залатых медалістаў. Трое – Н. Бандарэнка, А. Курбан і В. Селява – тагачасныя вучні якраз першай школы.

На жнівеньскую сустрэчу па асабістаму жаданню сабраліся 20 чалавек – былыя выпускнікі-2001 з дзвюх паралеляў. Сярод іх – людзі самых розных прафесій. Ёсць і два мясцовыя кіраўнікі: Кручанскае лясніцтва ўзначальвае Віктар Кундзелеў, а ООО “Рамісдрэўкамплект” Раман Крукоўскі. У памочніках у апошняга – яго ж аднакласнікі: намеснік Валерый Ганчароў і бухгалтар Людміла Рагоўская. Дарэчы, бухгалтарска-эканамічная дзейнасць стала для круглянскіх дзяўчат самай распаўсюджанай. Так, галоўнымі бухгалтарамі робяць у ДУ “Цэнтр па забеспячэнню дзейнасці бюджэтных арганізацый Круглянскага раёна” Наталля Бужынская, ва ўпраўленні капітальным будаўніцтвам Таццяна Пырко. Наталля Церашкова – эканаміст ПМК-266.

Не трэба асабліва прадстаўляць сёння і Вераніку Зайцаву. Яна сама прадстаўляецца кліентам цэнтра па забеспячэнню дзенайсці бюджэтных арганізацый як агент па забеспячэнню. У адной з гандлёвых кропак робіць спецыялістам па продажах Павел Мілеўскі.

Чалавек у пагонах Віталь Харэвіч – камандзір аддзялення Круглянскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Загадчыкам аддзела спартыўна-турыстычнай работы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Радуга” працуе Марыя Лініч.

З дзецьмі штодня мае зносіны і Алена Іванова, якая робіць на пасадзе медыцынскай сястры ў яслях-садзе №3 г. Круглае.

Аляксей Сазонаў таксама з кагорты медыкаў. Працуе рэнтген-лабарантам у Магілёўскім тубдыспансары. Жыхаркай абласнога цэнтра стала і Алеся Собалева, якая да нядаўняга часу працавала ў Круглым на тэхнічнай пасадзе ў райбальніцы, а потым – у сферы культуры.

У прадстаўнічай групе сённяшніх мінчан, што прыехалі на свята ў Круглае, прадставілі і Алену Жарнаклееву. Зараз яна намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай абароны ў адной са сталічных адміністрацый. Па роднай школе нетаропка прайшліся з успамінамі таксама вытворца работ з ААТ “Тэлекомсувязьбуд” Міхаіл Сазановіч, вядучы бухгалтар у знакамітых групах кампаній Марына Кубека, спецыяліст па продажу Таццяна Буліцкая і інш.

Шкадавалі, што прыехалі не ўсе. Менавіта таму свае добрыя пажаданні, фота і смс сваім колішнім школьным сябрам члены ініцыятыўнай групы адрасавалі ў самыя розныя куткі не толькі Беларусі, але блізкага і нават далекага замежжа, дзе знайшлі сваё шчасце былыя кругляне. Ды былых, відаць, і не бывае.

Аляксандр ПАЎЛАЎ


Все новости