31 студзеня 2019
Беларусь экспартавала ў 2018-м сельгаспрадукцыі больш як на $5 млрд
Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі за 2018 год перасягнуў $5 млрд, паведаміў сёння на выязной калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ў Кобрыне міністр Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На гонар сельгасвытворцам, мы забяспечылі багаты ўнутраны спажывецкі стол кожнага грамадзяніна, а таксама рэалізацыю сваёй прадукцыі - ужо размянялі шосты мільярд па экспарце", - сказаў міністр.
Паводле яго слоў, на бягучую пяцігодку пастаўлены амбіцыйныя задачы - Беларусь плануе выйсці на валавы ўнутраны прадукт у памеры не менш як $100 млрд, і сельскагаспадарчай галіне неабходна практычна ў 1,5 раза павялічыць аб'ёмы таварнай прадукцыі, каб забяспечыць фінансавыя патрэбнасці і падняць дабрабыт працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Для гэтага ўжо ў бягучым годзе трэба павялічыць вытворчасць прадукцыі не менш як на 5 працэнтаў, а ў 2020 годзе - не менш як на 3 працэнты.
Гэтыя лічбы цалкам рэальныя, тым больш для Брэсцкай вобласці, упэўнены Леанід Заяц. Ён лічыць, што рэгіён павінен паставіць перад сабой больш складаныя задачы па вытворчасці малака і мяса. "У вас добрыя, высокія тэмпы. Вы працуеце ў малочнай жывёлагадоўлі лепш за ўсіх у рэспубліцы. У 2019 годзе вы ўкладваеце вялікія сродкі ў абнаўленне існуючай базы, дадаткова будуеце магутнасці па вытворчасці прадукцыі. Гэта аблегчыць выкананне задання. Акрамя таго, трэба ўважліва паглядзець на свае рэзервы", - адзначыў кіраўнік Мінсельгасхарча.
Як паведаміў першы намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Рабкавец, у 2018 годзе ў Брэсцкай вобласці вытворчасць малака павялічылася на 5,9 працэнта і склала 1,6 млн т. Сярэдні ўдой на карову вырас на 268 кг і дасягнуў 5763 кг. Абсалютным лідарам у краіне з'яўляецца ААТ "Моладава-Агра" Іванаўскага раёна, дзе ад каровы атрымалі каля 10,6 т малака. Больш за палову вырабляемай у рэгіёне малочнай прадукцыі ідзе на экспарт, мясной - амаль 39 працэнтаў.
Прадпрыемствы аб'яднання "Брэстмясамалпрам" экспартавалі ў 2018-м прадукцыі на $672 млн, што на $12 млн больш, чым у папярэднім годзе. Прадукцыя пастаўлялася ў 35 краін. Пастаўкі ў Кітай у параўнанні з 2017 годам выраслі ў чатыры разы і склалі $11,2 млн. Упершыню пастаўлена прадукцыя ў Таджыкістан, Пакістан, Ірак, Гану, Данію і іншыя краіны. "Усе малочныя перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці прыбытковыя", - падкрэсліў першы віцэ-губернатар.
Усе навіны