Амаль 15 тыс. валанцёраў БРСМ будуць працаваць на II Еўрапейскіх гульнях
Амаль 15 тыс. валанцёраў БРСМ будуць працаваць на II Еўрапейскіх гульнях, расказаў першы сакратар ЦК ГА "БРСМ" Дзмітрый Варанюк у эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе БЕЛТА.
"Нашы маладыя людзі будуць задзейнічаны і ў якасці сцюардаў на буйнейшых падзеях, і ў якасці памочнікаў ГУУС пры ахове грамадскага правапарадку, будуць дапамагаць транспартнікам пры рэгуляванні пасажырапатоку ў сталіцы. Яны актыўна ўдзельнічаюць цяпер у эстафеце перадачы "Полымя міру". Студэнцкія атрады будуць працаваць непасрэдна ў пунктах харчавання для спартсменаў. Нашы сэрвісныя атрады з Магілёва, Мінска таксама будуць прымаць удзел. Таму дэсант у нас вельмі вялікі - амаль 15 тыс. чалавек, прычым не толькі з Мінска, але і з усёй Беларусі. Гэта і студэнты, і некаторыя старшакласнікі, ёсць і працуючая моладзь", - расказаў Дзмітрый Варанюк.
БРСМ актыўна рыхтуецца да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Актыўная фаза праекта пад назвай марафон "75" будзе ў чэрвені. Па ўсіх абласцях, розных гарадах Беларусі праедзе спецыялізаваная маршрутка з музея Вялікай Айчыннай вайны - перасовачная выстаўка. Мы будзем збіраць палотнішча Перамогі. Наносіцца будуць імёны і гады жыцця Герояў Савецкага Саюза - ураджэнцаў Беларусі, а таксама поўных кавалераў ордэна Айчыны. Акрамя таго, стартаваў наш праект "Беларусь памятае", дзе кожны жадаючы можа размясціць фатаграфію свайго сваяка, прадзеда ў спецыялізаваным альбоме. Мы таксама сканіруем, пераводзім у лічбавы фармат фатаграфіі, аддаём тым, у каго засталіся старыя здымкі, і папаўняем вялікую калекцыю. Перададзім гэты альбом у музей менавіта 3 ліпеня", - адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ.
Згодна з указам нумар 190 ад 20 мая 2019 года, статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі прысвоены аб'ектам сацыяльнай інфраструктуры, якія будуюцца ў Астраўцы. "Нашы маладыя людзі будуць там працаваць. На гэты момант амаль 200 чалавек, далей лічба будзе павялічвацца - да 300 мінімум. Мы туды выбіраем толькі лепшых з лепшых, тых, у каго ўжо ёсць вопыт работы ў студэнцкім атрадзе. Там работы, якія патрабуюць пэўнай спецыяльнасці ў той ці іншай сферы. У нас вялікі конкурс, і моладзь з усёй краіны хоча туды трапіць", - дадаў Дзмітрый Варанюк.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.-0-