20 сакавіка 2019
Эскіз спектакля паводле аповесці Айтматава "Мацярынскае поле" падрыхтуюць на "М.@rt.кантакце"
Стала вядома спецыяльная праграма XIV Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму "М.@rt.кантакт-2019", які пройдзе 21-27 сакавіка ў Магілёве. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў абласным драматычным тэатры.Папярэднічае форуму выстава музычных карцін філасофскага зместу "І смех і грэх" маладога беларускага мастака Паўла Лабурдава, якая сёння адкрываецца ў драмтэатры. Майстар прадставіць свае развагі наконт таго, як зрабіць лепшым перш за ўсё сябе, а потым ужо асяроддзе.
У першы дзень "М.@rt.кантакта" адбудзецца традыцыйная прэс-канферэнцыя з удзелам аргкамітэта, крытыкаў, гасцей. Таксама ў праграме майстар-класы па акцёрскім майстэрстве, якія правядуць мастацкі кіраўнік Санкт-Пецярбургскага тэатра "Майстэрня", заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Рыгор Казлоў і мастацкі кіраўнік піцерскага "Невялікага драматычнага тэатра" Леў Эрэнбург.
У майстэрні маладой рэжысуры студэнт Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў (майстэрня Г. Трасцянецкага) Уланмырза Карыпбаеў разам з магілёўскімі акцёрамі на працягу работы форуму будзе рыхтаваць эскіз спектакля паводле аповесці Чынгіза Айтматава "Мацярынскае поле". Запланавана і ролевая гульня жывога дзеяння паводле матываў п'есы "Бзік" Аляксея Макейчыка, якой будзе кіраваць тэатразнавец, куратар праектаў Цэнтра беларускай драматургіі Настасся Васілевіч. Яна таксама прачытае лекцыю на тэму "Сучасная драматургія: любіць або ненавідзець?".
Не адмовяцца ў бягучым годзе і ад штодзённых прэс-канферэнцый, дзе будуць абмяркоўваць прагледжаныя спектаклі тэатральныя крытыкі, удзельнікі і госці фестывалю, гледачы і прадстаўнікі СМІ.
Маладзёжны тэатральны форум стартаваў у 2006 годзе. За гэты час ён стаў адным з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і на ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі. Геаграфія форуму шырокая. За ўсе гады правядзення фестывалю было паказана больш за 200 спектакляў з 21 краіны. Іх паглядзела больш за 40 тыс. гледачоў.
Заснавальнікамі форуму з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, упраўленне культуры аблвыканкама, Магілёўскі абласны драматычны тэатр.-0-