22 снежня 2020
Першую ў Беларусі лічбавую падстанцыю 330 кВ увядуць у 2021 годзе
Першую ў Беларусі лічбавую падстанцыю 330 кВ увядуць пасля рэканструкцыі ў 2021 годзе, паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у прэс-цэнтры БЕЛТА."Падстанцыя "Магілёў-330" - гэта першая лічбавая падстанцыя ў беларускай энергасістэме класа напружання 330 кВ. Гэты праект знаходзіцца ў актыўнай фазе рэалізацыі. Увод запланаваны ў канцы наступнага года", - сказаў Віктар Каранкевіч.
Як растлумачыў генеральны дырэктар ДВА "Белэнерга" Павел Дрозд, лічбавыя тэхналогіі дапамогуць павысіць надзейнасць работы абсталявання і бяспеку эксплуатацыі падстанцыі "Магілёў-330", мінімізаваць памылковыя дзеянні аператыўнага і абслуговага персаналу, знізіць капітальныя і эксплуатацыйныя затраты.
"Лічбавыя тэхналогіі дадуць магчымасць у бесперапынным рэжыме весці маніторынг стану абсталявання. Пасля рэканструкцыі плошча падстанцыі зменшыцца прыкладна на 40 працэнтаў", - дадаў Павел Дрозд.
Паводле слоў гендырэктара "Белэнерга", лічбавыя тэхналогіі будуць укараняцца і на іншых падстанцыях энергасістэмы.
Падстанцыя "Магілёў-330" - ключавая ў магілёўскім энергавузле і адна з базавых падстанцый у беларускай энергасістэме. Яна адыгрывае важную ролю ў электразабеспячэнні такіх значных спажыўцоў, як БМЗ, "Магілёўхімвалакно", "Магатэкс", "Магілёўліфтмаш", СЭЗ "Магілёў" і інш.