Створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах у 2020 годзе
Нацыянальны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні XXVІІ Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці 6 верасня 2020 года, створаны пастановай Савета Міністраў ад 24 кастрычніка 2019 года нумар 718, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт урада.
Кіраўніком аргкамітэта назначаны намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.
Святочныя мерапрыемствы будуць фінансавацца за кошт прадугледжаных на гэтыя мэты сродкаў Магілёўскага аблвыканкама, Бялыніцкага райвыканкама, рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых крыніц.
Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Ён праводзіцца для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Праходзіць у гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У 2019 годзе Дзень пісьменства прымаў Слонім.-0-