7 кастрычніка 2019
Унікальныя пісьмы Канстанціна Сіманава перададзены Магілёўскай вобласці
Пісьмы савецкага пісьменніка, кінасцэнарыста, журналіста, грамадскага дзеяча Канстанціна Сіманава перададзены Магілёўскай вобласці ў час Пленума пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Унікальныя пісьмы перадала сям'я Драбышэўскіх. "Гэта перапіска К.Сіманава і Д.Ортэнберга. Частка пісем напісана ад рукі, частка набрана на машынцы. Але ўсе яны падпісаны "Твой Косця", - расказала паэт і публіцыст Надзея Драбышэўская.
Захоўвацца рукапісы будуць у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.
"Пленум пісьменнікаў - гэта добрая пляцоўка для аб'яднання беларускіх і расійскіх пісьменнікаў. У нас шмат агульных тэм: гістарычная, літаратурная, ваенная памяць. Прыемна, што гэты пленум праходзіць менавіта ў Магілёве напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі. Таму што для многіх ваенная гісторыя Магілёва - гэта Буйніцкае поле і тая работа, што пачаў праводзіць з першых месяцаў вайны Канстанцін Сіманаў, які назаўсёды застаўся з Магілёвам", - падкрэсліў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.
Асоба Канстанціна Сіманава мае вялікае значэнне ў наданні гістарычнай значнасці танкавай бітве, якая адбылася на Буйніцкім полі. У абароне Магілёва ў 1941 годзе бой прыняў 388-ы стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка Сямёна Куцепава і народныя апалчэнцы фабрыкі штучнага валакна. Менавіта яны знішчылі 39 танкаў вермахта. На наступны дзень пасля бою Канстанцін Сіманаў і фатограф Павел Трошкін прыехалі на поле, якое яшчэ дымілася. Зробленыя тут здымкі былі апублікаваны ў "Известиях", дзякуючы ім увесь свет даведаўся пра гераічную абарону Магілёва. Пазней гэтыя падзеі Канстанцін Сіманаў апісаў у рамане "Жывыя і мёртвыя".
Сустрэча пісьменнікаў прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 20-годдзю з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Пленум прадоўжыцца два дні. У другі дзень дэлегацыі наведаюць Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага. Дырэктар каледжа Георгій Маліноўскі правядзе для гасцей экскурсію па ваеннай экспазіцыі пад адкрытым небам і музеях каледжа. Пазней пісьменнікі адправяцца на буйныя прадпрыемствы Магілёва: ААТ "Бабушліна крынка" і ААТ "Магілёўліфтмаш". Завершыцца пленум урачыстым мітынгам і ўскладаннем кветак на мемарыяльным комплексе "Буйніцкае поле" і да памятнага каменя Канстанціна Сіманава, прах якога быў развеяны на гэтым месцы.
У снежні 2019 года Саюз пісьменнікаў Беларусі і Расіі адзначыць сваё дзесяцігоддзе.-0-