Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным<br/>па белым
Белым<br/>па сінім
Круглянскі раённы выканаўчы камітэт
3 кастрычніка 2022

“Я свядома выбірала школу…”


– падкрэслівае, азіраючыся на свой сапраўды багаты настаўніцкі шлях, перасягнуўшы ўжо за 43 гады, сем з якіх адпрацавана на заслужанай пенсіі, педагог ДУА “Філатаўская сярэдняя школа” Галіна Матошка.

У гэту калісьці зусім незнаёмую для яе сельскую школу маладзенькай выпускніцай Горацкага педагагічнага вучылішча Галіна Іванаўна прыйшла ў жніўні 1979 года. І з той далёкай пары ўжо больш чатырох дзесяцігоддзяў захоўвае яна вернасць абранай прафесіі і школе. Усё свядомае жыццё на адным працоўным месцы.

Пачынала настаўніцай пачатковых класаў. А потым, завочна атрымліваючы вышэйшую адукацыю на філалагічным факультэце цяперашняга МДУ імя А.А. Куляшова, пачала выкладаць беларускую мову і літаратуру. Цеплыню і веліч роднага слова яна старанна нясе ў адкрытыя дзіцячыя розумы і сэрцы і зараз.

Родам Галіна Іванаўна з горада Горкі, там жылі і працавалі яе бацькі, там яна расла і сталела. Лёс  распарадзіўся так, што настаўніцтва стала яе прызначэннем з самай ранняй і бесклапотнай пары дзяцінства. Суседзі іх сям’і, Ласьковы, з якімі дзяўчынка праводзіла вельмі шмат часу, працавалі настаўнікамі. Гэта яны да спаўнення трох годоў навучылі сваю маленькую старанную і кемлівую суседку Галечку чытаць. А яна і рада была акунуцца ў цікавыя школьныя клопаты яшчэ загадзя да школы: як магла, дапамагала правяраць сшыткі, заўсёды ахвотна выконвала любыя даручэнні.

– Быў момант, калі думалася аб тым, каб пайсці не ў педагогі, а на службу ў міліцыю, – прызнаецца мая субяседніца, якая на шляху да гэтай мэты нават паступіла на юрфак БДУ, дзе крыху і правучылася. – Але хутка прыйшло разуменне, што гэта зусім не маё, аб чым ніколькі не шкадую. Менавіта школа пазнаёміла нас с будучым мужам, Віктарам Эдуардавічам, які таксама ўсё сваё жыццё прысвяціў педагагічнай дзейнасці, выкладаў замежную мову, восем гадоў быў дырэктарам нашай установы. Ен трапіў у філатаўскі педагагічны калектыў, дзе на той час працавала шмат маладых спецыялістаў, за год да мяне. Заўважылі адзін аднаго амаль што адразу. Чатыры гады сябравалі, і гэтае  сяброўства перарасло ў сур’ёзныя і моцныя пачуцці. Здаецца, было гэта вось толькі ўчора, а ў верасні наступнага года будзе ўжо 40 гадоў з дня заключэння нашага шлюбу, у якім нарадзілася дзве дачкі, падараваўшых нам трох цудоўных унукаў.

Больш за ўсё і дома, і ў сваёй рабоце Галіна Іванаўна любіць дзяцей. Вы толькі ўявіце, што першыя гады, калі яе вучні ішлі на доўгачаканыя летнія канікулы, яна, бывала, сядзе на ганках бацькоўскай хаты і плача, сумуючы па іх. І заўсёды ў іх з Віктарам Эдуардавічам дома, пакуль падрасталі дочкі, быў свой сямейны дзіцячы сад, дзе збіраліся і свае, і суседскія дзеці. Менавіта любоў да дзяцей і робіць урокі Г.І. Матошка глыбокімі і непаўторнымі. На іх настаўніца вучыць любіць і разумець жыццё і людзей, прыгожа і змястоўна разважаць і выказваць свае думкі, быць добразычлівымі, ветлівымі і чулымі да навакольных, годнымі і адданымі грамадзянамі сваёй краіны.

Нездарма прафесійныя якасці гэтай таленавітай настаўніцы, чулы падыход да справы неаднаразова адзначаліся не толькі ў раёне і вобласці, але і на ўзроўні міністэрства. З цеплынёй і павагай заўсёды глядзяць на Галіну Іванаўну кіраўніцтва і калегі, і, канешне ж, шматлікія вучні і выпускнікі, кожнага з якіх яна прапускае праз сваё вялікае настаўніцкае сэрца.

Марына ПАДГАЕЦ.

Усе навіны