Больш за 800 тыс. дзяцей прынялі ўдзел у мерапрыемствах дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці"
У Беларусі больш за 800 тыс. дзяцей прынялі ўдзел у мерапрыемствах дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", паведаміла журналістам галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Сімакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На рэспубліканскім узроўні ў акцыі прынялі ўдзел больш за 15 тыс. дзяцей. Усяго ж па краіне ахоплены рознымі мерапрыемствамі, якія праходзілі ў арганізацыях і ўстановах, - больш за 800 тыс. дзяцей", - расказала Алена Сімакова. У абавязковым парадку мерапрыемствы праходзілі з выкананнем усіх неабходных санэпіднорм.
Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіла ў Беларусі з 10 снежня 2020 года па 10 студзеня 2021-га. Штогод падчас акцыі кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, мясцовых улад, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам, Раством і ўручаюць падарункі, аказваюць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем.
"Хочацца верыць, што дзеці, сапраўды, адчулі тую цеплыню, падтрымку, увагу, якія ім аказваюцца", - адзначыла галоўны спецыяліст. Пры гэтым Алена Сімакова падкрэсліла, што дапамога і падтрымка аказваюцца дзецям не толькі падчас акцыі, але і на працягу ўсяго года.
Кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Ларыса Емяльянчык спынілася на найбольш значных мерапрыемствах акцыі. "Гэта дабрачыннае навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі, якое прайшло з удзелам кіраўніка дзяржавы 24 снежня 2020 года, і навагодняе мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці. Дабрачыннае свята ў Палацы Рэспублікі наведалі 2400 дзяцей. Яны атрымалі выдатныя падарункі - рукзачок з навагодняй сімволікай, драўляную гульню-пазл "Гонар за Беларусь" і набор цукерак. Падарункі, безумоўна, дзецям спадабаліся. На высокім узроўні быў арганізаваны і спектакль, праведзена культурная гульнявая праграма каля ёлкі", - падкрэсліла яна.
Не менш значнымі былі мерапрыемствы і ў Палацы Незалежнасці, якія прайшлі з 4 па 6 студзеня. "На мерапрыемствы былі запрошаны дзеці са шматдзетных, няпоўных сем'яў, дамоў сямейнага тыпу, пераможцы алімпіяд, конкурсаў. Ім быў прадстаўлены інтэрактыўны спектакль "Чароўны свет" з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій, што, вядома, не пакінула абыякавымі нікога з гледачоў, - сказала Ларыса Емяльянчык. - Яшчэ быў праведзены Беларускі навагодні баль, у якім прынялі ўдзел амаль 350 чалавек. Мерапрыемства прайшло на вышэйшым узроўні. Яно і так ужо традыцыйнае, але на гэты раз было лягчэй рыхтавацца да яго, таму што правялі своечасова рэпетыцыі. Баль увянчаўся ўручэннем падарункаў усім удзельнікам. У ім прынялі ўдзел лепшыя вучні-старшакласнікі і студэнцкая моладзь. І на памяць ім акрамя навагодніх падарункаў была яшчэ флэшка, дзе засняты не толькі яны як удзельнікі балю, але і ў цэлым тое дзейства, якое адбывалася ў Палацы Незалежнасці".-0-