Месячнік па асенняй пасадцы дрэў і кустоў прадоўжыцца ў Беларусі да 2 лістапада
Месячнік па асенняй пасадцы дрэў і кустоў прадоўжыцца ў Беларусі да 2 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
"Мінпрыроды для прыцягнення ўвагі да навядзення парадку на зямлі і беражлівага стаўлення да прыроды ў Год малой радзімы праводзіць глабальную экалагічную кампанію "Добраўпарадкуем малую радзіму". Па ініцыятыве міністэрства да 2 лістапада па ўсёй краіне будзе праходзіць месячнік па асенняй пасадцы дрэў і кустоў у населеных пунктах. А ў суботу, 10 кастрычніка, адбудзецца акцыя "Дзень азелянення" пад лозунгам "Пасадзі дрэва", - расказалі ў прэс-службе.
Кожны жадаючы зможа на працягу месяца прыняць актыўны ўдзел у асенняй пасадцы дрэў і кустоў у населеных пунктах, далучыцца да адзінага дня азелянення, пасадзіць дрэва і добраўпарадкаваць свой двор. "Тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды сумесна з зацікаўленымі службамі праз інтэрнэт-сайты і сродкі масавай інфармацыі збіраюць прапановы ад насельніцтва аб пажаданых месцах пасадкі на землях агульнага карыстання населеных пунктаў. Усе прапановы будуць аператыўна прааналізаваны. Грамадзянам паведамяць аб выбраных тэрыторыях і датах правядзення пасадак у кожным рэгіёне", - адзначылі ў міністэрстве.
Мінпрыроды просіць улічваць, што для пасадкі дрэў і кустоў непрыдатныя ўчасткі пад інжынернымі сеткамі, камунікацыямі, у непасрэднай блізкасці ад сцен будынкаў і збудаванняў. Пры выбары месцаў таксама трэба звярнуць увагу на глебава-грунтавыя ўмовы і характарыстыкі пасадачнага матэрыялу. Калі нельга будзе саджаць дрэвы і кусты на выбраных грамадзянамі тэрыторыях, то будуць прапанаваны іншыя ўчасткі.
Першая глабальная экалагічная кампанія "Добраўпарадкуем малую радзіму" пад эгідай Мінпрыроды стартавала вясной 2018 года. Асноўная яе ідэя заключаецца ў тым, што кожны жыхар або арганізацыя могуць унесці пасільны ўклад у добраўпарадкаванне сваёй малой радзімы - горада, раёна, жылога двара, бліжэйшага парку або сквера. Гэта можа быць прыбіранне смецця, пасадка дрэў або кустоў, афармленне клумбаў, уладкаванне дзіцячай пляцоўкі, афарбоўка агароджы і лавак, арганізацыя кантэйнераў побач з месцамі, дзе выяўлена буйное скопішча адходаў, падтрыманне ў належным стане і ўладкаванне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы і г.д. Экалагічная кампанія таксама ўключае правядзенне суботнікаў, экалагічных акцый і іншых мерапрыемстваў па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый.
Заяўку на ўдзел у глабальнай экалагічнай кампаніі можна падаць па тэлефонах альбо адрасах электроннай пошты, пазначаных на сайтах Мінскага гарадскога і абласных камітэтаў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.-0-