Меню
Председатель Круглянского районного исполнительного комитета
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
5 марта 2026
Ва ўсёй нашай краіне, у тым ліку і на Кругляншчыне, праходзіў адзіны ўрок «Беларуская жанчына – сімвал сілы і натхнення», прымеркаваны да Дня жанчын
Сёння паўсюдна ва ўсёй нашай краіне праходзіў адзіны ўрок «Беларуская жанчына – сімвал сілы і натхнення», прымеркаваны да Дня жанчын. Ён накіраваны на выхаванне ў дзяцей паважлівага стаўлення да ролі жанчыны ў гісторыі, культуры, навуцы і грамадскім жыцці краіны праз знаёмства з выдатнымі беларускімі жанчынамі і падкрэслівае іх значную ролю ў гісторыі і сучаснасці
У СШ №1 г. Круглае такі незвычайна шчыры і пранікнёны ўрок для навучэнцаў 8-11 класаў правялі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святлана Шакура і Таццяна Хмялеўская. У якасці гасцей на мерапрыемства запрашаліся матулі вучняў: Святлана Масеенка і Наталля Запалянская.
Эпіграфам да адзінага ўрока сталі словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: «Мы ўшаноўваем нашых матуль, жонак і дачок адзін дзень на год. Надышоў час аддаць належнае іх асаблівай ролі ў нашым жыцці і абвясціць 2026 год Годам беларускай жанчыны».








І менавіта іх агучылі настаўніцы ў самым пачатку тэматычнай размовы. Асабліва падкрэсліўшы, што жыццё кожнаму з нас дала жанчына, Святлана Фёдараўна і Таццяна Леанідаўна прапанавалі рабятам агучыць асацыяцыі, якія ўзнікаюць у іх са словм «жанчына». На кожную літару гэтага слова на дошцы занатоўвалася пэўная асацыяцыя:
Ж – жыццё,
А – абаяльнасць,
Н – незалежнасць,
Ч – чалавечнасць,
Ы – шчЫрасць, прЫгажосць,
Н – надзейнасць,
А – адказнасць.
На гэтым незвычайным ўроку быў пакладзны пачатак стварэнню галерэі «Жаночы след у гісторыі Беларусі». Вучні ўважліва разгледзелі фотаздымкі, змешчаныя на дошцы, і падзяліліся ведамі пра гэтых жанчын: полацкую князёўну канца Х стагоддзя Рагнеду, знакамітую асветніцу і святую заступніцу Беларусі Ефрасінню Полацкую, выдатную беларускую партызанку і ўдзельніцу Вялікай Айчыннай вайны Веру Харужую, беларускую біятланістку, чатырохразовую алімпійскую чэмпіёнку Дар’ю Домрачаву і першую ў гісторыі суверэннай Беларусі жанчыну-касманаўта Марыну Васілеўскую.
Наступная частка галерэі прысвечалася знакамітым жанчынам Кругляншчыны, сярод якіх – Ірына Курачкіна (майстар спорту міжнароднага класа па вольнай барацьбе, чэмпіёнка Еўропы U–23 2017 г., чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў 2019 г., срэбраны прызёр ХХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў ў Токіа 2021 г.); Жанна Пудзікава (брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлаводстве МТФ «Ракушава» КСУП «Круглянскі-Агра», адзначана медалём «За працоўныя заслугі» і шэрагам іншых ўзнагарод); Святлана Новікава (Выдатнік народнай адукацыі БССР, доўгі час да выхаду на пенсію працавала ў Круглянскай СШ на пасадзе намесніка дырэктара па навучальнай рабоце) і іншых. Падчас размовы дадавалася, што звесткі пра гэтых і іншых славутых прадстаўніц нашага раёна можна знайсці ў «Кнізе працоўнай славы Круглянскага раёна».
«Жанчына-маці – захавальніца не толькі сямейнага ачага, але і традыцыйных асноў нашага грамадства, – падкрэслівалася на ўроку. – З маленства яна вучыць нас дабрыні і прывівае любоў да Радзімы. Яе мудрасць і цярпенне дапамагаюць будаваць моцную сям’ю і, як вынік, моцную дзяржаву…»
Слова для выступленняў прадстаўлялася і гасцям мерапрыемства, якія не толькі падзяліліся фактамі са сваёй біяграфіі, але і з задавальненнем адказалі на шматлікія пытанні вучняў.
Такім чынам на адзіным ўроку «Беларуская жанчына – сімвал сілы і натхнення» школьнікі не толькі ўзнавілі асобныя звесткі з жыцця сваіх суайчынніц, якія ўвайшлі ў гісторыю нашай краіны, паслухалі гасцей, склалі партрэт сучаснай жанчыны, але і вызначылі для сябе персанальны «ТОП-5 беларускіх жанчын, якія пакінулі след у маёй душы». Прычым, што асабліва прыемна, пераважная большасць з дзяцей на першым месцы ў гэтым рэйтынгу напісалі сваю маці.
Напрыканцы мерпрыемства прагучалі віншаванні ў адрас усіх жанчын і дзяўчат з надыходзячым святам 8 Сакавіка і музычны падарунак ад аднаго з таленавітых вучняў школы.